ГЕРЗЕ́ЙСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура 3600—3200 да н.э. на тэр. Егіпта. Найб. даследаваны могільнік Негада-2 у Верхнім Егіпце. Развілася з амрацкай культуры. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, вядомы штучныя арашальныя каналы. Працягвалася развіццё апрацоўкі крэменю, распаўсюджваліся медныя прылады (сякеры, кінжалы, рыбалоўныя кручкі і інш.). Для герзейскай культуры характэрны каменныя пасудзіны і імітуючыя іх керамічныя вырабы, размаляваныя чырв. фарбаю (выявы лодак, людзей, жывёлы і інш.), з’яўленне фаянсу, на апошнім этапе развіцця — таксама пісьма, выкарыстанне ў будаўніцтве цэглы-сырцу.
А.В.Іоў.
т. 5, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)